Сцэнарная змена
Сцэнарная змена
Сцэнарная змена
Сцэнарная змена
нанова

Дапаможнік па бяскрыўднай, бясспрэчнай і бяспечнай гульні

Аўтарская прадмова


«Сцэнарная змена: нанова» — дапаможнік па бяскрыўднай, бясспрэчнай і бяспечнай гульні. Гэта кніга была створана з апорай на навуковыя даследаванні, асабісты досвед аматараў настольных гульняў і веды адмыслоўцаў па ментальнаму дабрабыту. Інструменты з дапаможніка пасуюць гульням любой тэматыкі: ад мілага падарожжа па Стране фей да межгалактычнай вайны ў далёкае будучыні — анлайн або ўжывую, з тэрапеўтычнай мэтай або дзеля пацехі.

Настольныя гульні — гэта цудоўна! Часам яны дораць прыгоды, немагчымыя ў сапраўдным жыцці. Аднак яны могуць падняць і такія тэмы, з якімі не вельмі бывае прыемна сустрэцца. Хтосьці прагне жорсткіх прыгод з эмацыйнай мясасечкай і сэксуальнымі або рамантычнымі момантамі, хтосьці аддасць перавагу крыві і кішкам з вынясеннем сэксуальных сцэн за рамкі сюжэта.

Часам мы да такога зусім не гатовы. Часам самі не разумеем, дзе пралягае наша мяжа прымальнага. А мо разумеем, але наўпрост не чакаем пабачыць нешта турботнае ці абуральнае за самым звычайным плотам.

Менавіта ў такім выпадках ратуе наш дапаможнік. Вось інструменты, што прапаноўвае «Сцэнарная змена: нанова»: перамотка, хуткая перамотка, паўза і пакадравы рэжым. Мала? Ёсць дадатковыя: нарэзка, імгненны паўтор і падсумаванне. Пра іх пагаворым далей на старонках дапаможніка. Як толькі гульцам або гульняводу становіцца ніякавата ад тэм, што ўзнімаюцца ў працэсе, або сюжэтных падзей, яны могуць запрасіць сцэнарнай змены.

Варта пазнаёміць сваіх сяброў з іх правіламі яшчэ да стварэння свету і персанажаў. Гэта можа моцна паўплываць шмат на што: перадгісторыі персанажаў (надта суровыя ці бязглуздыя факты з біяграфіі), асаблівасці наваколля (прысутнасць зомбі ці іншапланецянаў) або матывы аповеду накшталт скрухі ці здрады. Зрабіце інструменты сцэнарнай змены часткай папярэдняга дыялогу і непасрэдна гульні. Што б ні пашырыла ваш гульнявы арсенал — паўзы, каб адпачнуць пасярод сэсіі, ці падсумаванне, каб абмеркаваць уражанні ці адчуванні — няхай яно саслужыць вам добрую службу.

Не забывайма: няхай гульня за адным сталом, натуральна, не робіць з вас псіхатэрапеўтаў, варта тым не менш паважаць межы і ўразлівасці адно аднога.

Каб было прасцей, гульнявод можа патлумачыць, як працуе тая ці іншая картка сцэнарнай змены, і раздаць сябрукам іх папяровыя версіі.

Каб вярнуцца ў гульню, досыць сказаць «працяг».

З чаго пачаць


1. Акрэсліце «ўзроставы рэйтынг» кампаніі. Можна скарыстацца сістэмай, як на Фікбуку, або вынайсці асабістую. Асноўная ідэя ў тым, каб зразумець чаканні і пажаданні гульцоў. Будзе гэта ўніверсальная кампанія з умоўным рэйтынгам G ці хутчэй шоў для дарослых? Пазначце гэта ў нататках на апошніх старонках дапаможніка.

2. Абмяркуйце, што сябрукі не жадаюць бачыць у сюжэце ні ў якім разе, а чаго хіба пажадана пазбегнуць (напрыклад, апісання алкагалізму ці амнэзіі). Не трэба прымушаць усіх да выказвання. Але варта стварыць абстаноўку, у якой кожнаму будзе камфортна падзяліцца сваімі ўразлівасцямі. Будзьма далікатнымі! Уводзячы пэўныя абмежаванні, гульцы не зануднічаюць, а ўсяго толькі стараюцца зрабіць працэс прыемным для ўсіх. Часам менавіта абмежаванні — ключ да ўзаемапавагі і клопату. Занатуйце забароненыя або нежаданыя тэмы і інструменты, якія, калі што, можа будзе выкарыстоўваць. Не рэкамендуем запісваць, хто і што прапанаваў. Усё ж такі правілы працуюць для ўсіх, а не толькі для тых, каму гэта патрэбна. Рэчы, якіх гульцы лічаць за лепшае пазбегнуць, занясіце ў слупок пад кодавай назвай «фу!»: няхай гэта будзе нешта агіднае, але не сапраўды балючае, накшталт падрабязнага апісання брыдкага паху. У другі слупок, «ай!», няхай трапіць тое, што можа стаць трыгерам, нанесці траўму, напужаць ці ўвесці ў стан моцнага стрэсу.

3. Пазначце, што сябрукам хацелася б пабачыць у сюжеце. Гэта можа быць нешта асабіста цікавае, пацешнае ці наўпрост незвычайнае. Прыемныя рэчы, што выклікаюць цікаўнасць да гульні і шчыры энтузіязм, варта пазначыць у слупку «ваў!». Не саромейма выказываць пажаданні і заахвочваць іншых гульцоў, але таксама будзьма тактычнымі. Не забывайма на перавагі астатніх. Калі раптам нехта выкарыставаў картку сцэнарнай змены з неабмеркаванай нагоды, варта таксама дадаць яе ў нататкі. Калі «фу!», «ай!» і «ваў!» розных людзей уступаюць у канфлікт, хай прыярытэт займеюць першыя дзьве . Бяспека па-над пацехай!

Навошта ўвогуле змяняць сцэнар? Выток і ўмова кожнай добрай гульні — гэта дамова. Запытайце у кожнага, з чым ім камфортна, а з чым не. Абмяркуйце чаканні, эмацыйны тон і элементы будучай кампаніі. Смела звяртайцеся да «Сцэнарная змена: нанова», калі раптам падзеі прымуць неспадзяваны напрамак.

Важныя пытанні


Ці варта заўсёды даваць падрабязныя тлумачэнні?

Ніколі не шкодзіць добра абмеркаваць з гульняводам або іншымі ўдзельнікамі кампаніі тыя праблемы ці часткі сюжэту,

што крадуць асалоду гульні. Няёмка ад надта дэталяваных апісанняў чагосьці? Няма праблемы! Выкажыце, што менавіта выклікае непрыемныя адчуванні, каб у далейшым перадухіліць такія моманты.

Спыніце гульню з дапамогай «паўзы», каб распачаць размову. Калі вас засмуцілі паводзіны іншага гульца, дайце яму ці ёй таксама шанс выказацца і пастарайцеся зразумець. Неблага будзе і зноў падняць тое пытанне на падсумаванні. Не забывайма таксама паважаць магчымасці адно аднога па выпраўленні. Варта цаніць гатоўнасць да зменаў, нават калі чалавек не заўсёды дае рады. Узаемная павага і цярплівасць — неабходная ўмова камфорту ўнутры групы.

Калі ў вас у планах падняць патэнцыйна балючую тэму, папярэдзьце сяброў загадзя. Гэта дазволіць зараней паклапаціцца пра свой стан і ў час пакінуць дыскусію, калі патрэбна. Калі ласка, не прымайце такое рашэнне ў знак асабістай паразы.

Як зрабіць так, каб дамовы выконваліся?

Важна паслухаць, абмеркаваць і зацвердзіць правілы «Сцэнарная змена: нанова» да пачатку гульні.

Калі нехта з гульцоў сістэматычна ігнаруе дамовы, звярніце яго ці яе ўвагу на гэты факт. Выйдзеце з гульні, калі патрэбна, і папрасіце гульнявода разабрацца з сітуацыяй.

Не вінавацьце сябе, калі нехта з вас будзе вымушаны выключыць парушальніка з сэсіі ці ўвогуле з групы.

Калі праблема з самім гульняводам, паразмаўляйце з рэшткамі групы. Не забывайма, што гэты чалавек не менш адказны за псіхалагічны камфорт у групе, чым любы іншы.

Ніхто не можа прымусіць вас да паводзін, што парушаюць дамовы ці чыйсці эмацыйны стан. Калі нешта паграджае камфорту і бяспецы падчас гульні, абараніце сябе. Памятайце: правілы на вашым баку. Калі вам складана або некамфортна карыстацца менавіта «Сцэнарная змена: нанова», магчыма, гэта не ваш набор інструментаў. Парайцеся з сябрукамі і пашукайце іншую сістэму стварэння бяспечнай прасторы падчас гульні.

Часам найлепшы і найпрасцейшы шлях — наўпрост агучыць свае ваганні. Калі вы досыць давяраеце гэтым людзям, каб збірацца за адным сталом і гуляць, верагодна, яны сур'ёзна паставяцца да вашага: «Сябры, мне насамрэч ніштавата». Калі не, пэўна, у групе ёсць праблемы з паразуменнем, і тады дакладна трэба абмеркаваць атмасферу паміж вамі. Магчыма, нават спыніць гульню.

Як папрасіць сцэнарнай змены


Як папрасіць сцэнарнай змены?

Досыць сказаць «перамотка» ці «хуткая перамотка» або падняць пэўную картку ці пагрукаць па ёй. Лепш за ўсё выказацца поўным сказам кшталту: «Давайце на гэтай фразе зробім перамотку, мой персанаж так не сказаў б». Або: «Оў, як абвастрылася атмасфера, мне патрэбна паўза». Ці нават: «Мяркую, тут лепш сцэну і скончыць, мо зробім хуткую перамотку?»

Паўтарыце некалькі разоў, калі раптам с першага сябрукі не пачуюць. Калі вы сустракаецеся не ўжывую, выкарыстайце адпаведныя эмадзі, што ёсць амаль ва ўсіх чатах. А сімулятар кубоў rollforyour.party, напрыклад, нават дае магчымасць проста націснуць на кнопку — і вуаля!

Пасля таго як праблема была вырашаная, не забудзьцеся сказаць «працяг», паказаць адпаведную картку ці адправіць эмадзі.

▶️ > Працяг
⏸️ || Паўза
>> Хуткая перамотка
<< Перамотка
🔁 !< Імгненны паўтор
⏯️ |> Пакадравы рэжым
👍👍 2ПУ Два пестука ўверх
(далей вы пазнаёміцеся з цэлай сістэмай падобных умоўных знакаў)

Сцэнарная змена: што ды як

▶️ Працяг

Пасля таго як праблема была вырашаная, не забудзьцеся сказаць «працяг», паказаць адпаведную картку ці адправіць эмадзі.

⏸️ Паўза

Часам нам проста трэба ўзяць паўзу. Ідэальна, калі сама сітуацыя вас не засмучвае, але яе інтэнсіўнасць выклікае зашмат напружання і стомы. Падчас паўзы можна як падзяліцца ўражаннямі ці абмеркаваць нешта, так і ўтульна памаўчаць ці адыйсці на хвілінку. Напрыканцы гульцы могуць пагадзіцца на перамотку ці хуткую перамотку або наўпрост вярнуцца да гульні.

Да таго ж паўза — зручны час, каб пад'есці, папіць вады або схадзіць у прыбіральню.

⏩ Хуткая перамотка

Звычайная і хуткая перамотка — зусім не такія падобныя, як падаецца праз назвы.

Хуткая перамотка дазваляе пераскочыць праз непрыемныя або нецікавыя моманты. Навошта марнаваць час на чыюсьці пасцельную сцэну, крывавыя дэталі бойкі або нудную частку аповеду, калі можна не марнаваць?

⏪ Перамотка

Калі нешта зробленае ці сказанае выбіла вас са стану бяспекі, вы можаце выкарыстаць перамотку да таго ўчынку ці сказу і перагуляць сітуацыю. Патлумачце як мага адкрыта і прама, што менавіта засмуціла вас, і пастарайцеся разам выпрацаваць такі кірунак гісторыі, які будзе зручны ўсім.

Звычайна перамотка працуе з дробнымі зменамі, што лёгка ўводзяцца праз дамову гэтым разам павесціся неяк па-іншаму.

🔁 Імгненны паўтор

Дазваляе адразу пасля насычанай сцэны ўзяць паўзу і паўтарыць, што толькі што адбылося. Гэта інструмент метагеймінга. Але ён карысны, каб заўпэўніцца, што ўсе аднолькава ўдзельнічаюць ў працэсе.

Імгненны паўтор ратуе, калі пасля складанай, доўгай або багатай на падзеі сцэны вы падазраеце, што нехта выпаў з гісторыі ці заблытаўся.

⏯️ Пакадравы рэжым

Звяртайцеся да гэтага інструмента, калі прадчуваеце, што наступная сцэна будзе не надта бяспечная. Звычайна «пакадравы рэжым» ужываецца перад нечым прынцыпова новым і спрэчным, каб група была напагатове і паспела адрэагаваць, калі нешта пойдзе не так.

Калі небяспека мінуе, той жа, хто звярнуўся да пакадравага рэжыму, мусіць вярнуць гульню да нармальнага тэмпу, сказаўшы «працяг». Навошта ўвогуле ўводзіць у гульню нешта спрэчнае? Часам людзям цікава паспрабаваць свае абмежаваніі. Гэты інструмент робіць спазнанне мякчэйшым і менш рызыкоўным. Давайма клапоціцца адно пра аднога!

Няблага праз нейкі час звычайнай гульні ўдакладніць у таго, кто скарыстаў пакадравы рэжым, ці ўсё ідзе добра. Гэта важна, каб гульцы маглі свабодна звяртацца да «Сцэнарная змена: нанова», не адчуваючы, быццам яны руйнуюць астатнім гульню. Да таго ж пакадравы рэжым добра працуе напачатку новай сэсіі, калі група яшчэ не надта ўцягнулася ў справы і мо жадала б запаволіць падзеі. Не забывайцеся пазначыць тое, што выклікала засмучанне, у сваіх нататках.

Ужытак сцэнарнай змены


Як можна проста пераматаць сцэну, быццам нічога не здарылася?

Калі на сцэну выходзіць перамотка, можна абгрунтаваць мінулыя падзеі як парушэнне канону. Тады вы бы ўтвараеце новы паварот сюжэту. Спосабаў шмат: вынесці праблемны фрагмент у сон, здань ці прадказання магчымай будучыні. Гульцы могуць запрасіць змяніць кропку погляду на першапачатковую сцэну ці абгарнуць яе больш мяккім чынам. Абмяркуйце з сябрамі, як ім зручней за ўсё і якім чынам абставіць перамотку ўнутры сюжэту.

Апошняе слова варта застацца за тым, хто выкарыстаў перамотку. Часам людзі лічаць за лепшае проста забыцца і зрабіць выгляд, што гэтых падзей увогуле не было. Калі гэта найлепшы для выхад для вашай групы, варта паважаць такое рашэнне. Таксама ж як жаданне ў іншых выпадках не пазбаўляцца ад тых сцэнаў увогуле, а проста вынесці іх за рамкі апісання.

Дзе і варта памятаць пра тое, што выклікала непрыязнь або нязручнасць, дык гэта ў рэальным жыцці. Не забывайцеся зважаць на такія выпадкі і перадухіляць іх у будучыні. Не заплюшчвайма вочы на чужы досвед! «Сцэнарная змена: нанова» — усяго толькі інструмент метагеймінгу. Перш за ўсё не губляйма рэальнасць за фантазіямі.

Сцэнарная змена працуе толькі са зместам кампаніі?

Натуральна, не! З яе дапамогай можна карэктаваць не толькі падзеі, але і той, як гульцы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Калі атмасфера за сталом становіцца надта напружанай ці несур'ёзнай, варта падумаць пра перамотку. А мо нехта ходзіць кругом ды навокала, калі вам ужо прагнецца прыгодаў ці драмы? Калі вы адчуваеце, што гульня зацыклілася, становіцца нудная ці губляе сэнс, час прасіць хуткай перамоткі. І, вядома, заўсёды можна зрабіць паўзу дзеля звычайнага адпачынку.

Інструментарый «Сцэнарная змена: нанова» можна ўжыць нават на выніках кідку кубоў, калі вашыя сябры не супраць. Бо часам адзін дрэнны кідок або яго наступствы руйнуе ўсю сцэну ці робіць яе беспадстаўна складанай, сумнай ці непрыемнай. Пакуль прысутныя даюць згоду, нармальна пераматаць няўдалы кідок або хутка пераматаць дарэмна доўгую бойку.

Памятайма: пераматваючы кідок, лепш за ўсё адматаць да таго ўчынку, што справакаваў кідок, і гэтым разам зрабіць усё па-іншаму. Не проста кінуць кубы яшчэ раз! Так будзе сумленней і з меншай верагоднасцю выклікае абурэнне астатніх.

Што яшчэ ёсць у арсенале «Сцэнарная змена: нанова»?

О, шмат чаго! Напрыклад, імгненны паўтор, нарэзка

ці падсумаванне, што дае магчымасць скончыць сэсію на прадуктыўнай ноце. Дадатковым інтрументам прысвечаны наступны раздзел гэтага дапаможніка.

Два пестука ўверх: што ды як


Што калі мне добра, але падаецца, што камусьці — не?

На шчасце, «Сцэнарная змена: нанова» дазваляе выкарыстоўваць інструменты ў інтарэсах іншых. Калі вы заўважылі, што камусьці няёмка ці некамфортна праз тое, што адбываецца ў гульне, можна заступіцца за гэтага чалавека. Напрыклад, узяць паўзу, каб паразмаўляць з ёй ці ім, ці ўласна пераматаць ці хутка пераматаць сцэну, калі вы ведаеце пэўна, што і чаму з ёй ці ім адбываецца.

Патлумачце сваё рашэнне іншым гульцам. Можаце не называць імя таго, дзеля каго вы гэта зрабілі, каб не прыцягваць да яе ці яго лішняй увагі. Як варыянт, проста скажыце, што асабіста вам не да спадобы бачыць пэўную рэч у гульні. Мабыць, сваёю неабыякавасцю вы выратуеце камусьці вечар!

Іншы варыянт: Каб пацікавіцца ў сябра ці сяброўкі, ці добра ім, не адцягваючы на сябе ўвагу, звярніцеся да жэстаў.

Мякка прыцягніце ўвагу сябра, нягучна паклікаўшы ці крануўшы яго, і падыміце два пястука (вялікіх пальца) уверх. Залежачы ад самаадування, ён можа адказаць вам адным з гэтых жэстаў:

👍👍 Два пестука ўверх. Усё файна!
👍 Адзін пястук уверх Добра, але можна ўзяць паўзу.
🤜🤜 Два кулака Трымаюся, калі што, можна перайсці ў пакадравы рэжым.
👎 Адзін пястук уніз Цяжкавата, варта прасіць хуткую перамотку.
👎👎 Два пестука ўніз Мне ніякавата, варта зрабіць перамотку.

А можна неяк па-іншаму папрасіць сцэнарнай змены?

Калі бачыце, што сябра па групе не можа сам, нармальна ўласна запрасіць змены.

Калі гульнявод запытаецца, у чым справа, раім узяць паўзу і паразмаўляць з сябрам сам-насам. Калі жэсты не ваш варыянт, ёсць іншыя спосабы: крануць, пагрукаць, перадаць нататку ці напісаць у мэсэнджэры. Эмадзі — прамы аналаг двух пестукоў уверх ці іншых сімвалаў. Цэль правілаў «Сцэнарная змена: нанова» — зрабіць гульню прыемнай для кожнага, таму не цурайма вырашаць праблемы разам. Адзін за ўсіх — і ўсе за аднаго!

Інструменты сцэнарнай змены пасля сэсіі


Нарэзка

Нарэзка — гэта ваша хвілінка настальгіі па найярчэйшым момантам сённяшняй сэсіі. Таму лепш за ўсё рабіць яе менавіта напрыканцы. Сэнс яе ў тым, каб распачаць карыснае абмеркаванне, што было файна і варта паўтарыць неяк у будучых сэсіях.

Заахвоцце кожнага назваць хаця б адну сцэну, прадмет ці дэталь, што пакінула добрыя ўражанні. І не дайце самаму гульняводу выслізнуць з абмеркавання!

Часам гульцы будуць мець і негатыўную зваротную сувязь. Таму наша парада — рабіць нарэзку напрыканцы кожнай сэсіі, а перш за ўсё — складаных або вырашальных.

Прамашкі і правалы

Калі для васторгаў і кампліментаў ёсць нарэзка, то для канструктыўнай крытыкі, выбачэння і самаўдасканалення — прамашкі і правалы.

Прамашкі — не надта сур'ёзныя памылкі, якія можна пачаць з «упс», тыпу: «Упс, я трапіла вогненным шарам у нашага адзінага інфарматара!». Правал — гэта ўжо без жартаў. Да гэтай катэгорыі можна аднесці канфлікты паміж гульцамі, недарэчнае выкарыстанне сцэнарнай змены ці некарэктнае стаўленне да іншых. Каб размова не стала надта хаатычнай, пракантралюйце, каб у ёй было чатыры этапы.

І не забывайма, што часам усім трэба рабіць паўзы! Калі на падсумаванне ўжо не стае часу, папрасіце гульцоў хутка падзяліцца ўражаннямі на паперках. Як варыянт — напісаць пазней у чаце ці паразмаўляць прыватна. Не важна, як менавіта, галоўнае — з павагай і клопатам адно да аднога.

Падсумаванне

Падсумаванне — злучаны інструмент абмену зваротнай сувяззю без падзелу на пазітыўную і негатыўную. Бо лепш не пакідаць такія рэчы без абмеркавання. На падсумаванні можна пагаварыць пра дзеянні іншых гульцоў, што насамрэч парушілі вашы мяжы, хаця тады вы з розных прычынаў не далі віду.

Важна, каб на падсумаванні панавала сяброўчая атмасфера. Але не варта спісваць з рахункаў пачуцці гульцоў! Канструктыўная крытыка таксама карысная. У тым ліку крытыка агульных сюжэтных выбараў, няроўнасці ўвагі, што надаецца кожнаму гульцу, ці дробязей той ці іншай гульнямеханікі. Выкарыстайце падсумаванне, каб паразмаўляць пра вашу гульню, палепшанні і ўплыў на групу. Кожнае меркаванне мае сэнс.

На падсумаванні варта вярнуцца да тых пытанняў, што ўзнікалі падчас гульні, але патрабавалі больш часу на вырашэнне, чым колькі хвілін паўзы. Не бойцеся падацца занудай, асабліва калі тэма сапраўды важная і цяжкая. Нельга ціснуць на тых, хто не жадае размаўляць пра свае травмы ці ўразлівасці. Але чым больш шчырымі і давернымі будуць падсумаванні, тым лягчэй усім будзе дыхацца.

Інструменты сцэнарнай змены выдатна працуюць і постфактум. Таму неблагой ідэяй можа быць выкарыстаць перамотку, каб абыйсці праблемную сітуацыю, а ўжо на падсумаванні падрабязна растлумачыць, што было не так.

Калі нехта не жадае пачынаць гаворку на агульнай сустрэчы, можна прапанаваць абмен лістамі ці прыватную размову, у якую потым варта коратка ўвесці астатніх. Важна, каб яны не таміліся ў невядомасці і маглі зрабіць выснову са сваіх паводзінаў, калі патрэбна. Такі падыход зробіць дыскусію як мага бяспечнай і дапаможа пазбегнуць паўтарэння памылак.

Як згадвалася раней, узнімаючы спрэчную тэму, не забывайма папярэдзіць сяброў, што зараз можа быць балюча ці кранальна. Прымайма з павагай чыёсьці нежаданне прысутнічаць пры ткой размове.

Падсумаванне за 4 крокі

Крок першы

На першым кроку гульцы дзеляцца сваімі і толькі сваімі промахамі праз я-выказванні. Як гэта можа выглядаць:

«Напэўна, я перабрала з жартамі ў той сцэнэ ў таверне. Мне варта прапрацаваць над вытрымкай, калі адбываецца нешта вясёлае, прабачце».

Або: «Было б файна пераматаць тую спрэчку са злодзеем у пячоры, бо я тады адарваўся. Можна мы пачнем з гэтага наступным разам?»

Крок другі

Працягваючы карыстацца я-выказваннямі, гульцы абмяркоўваюць, якія пачуцці згаданыя на першым кроку промахі ў іх выклікалі. Цяпер можна адгукацца на словы іншых. Як гэта можа выглядаць:

«Я абураюся, што сарваўся на крык. Калі ласка, скажыце, што я нікога не напужаў». (Як гульнявод, заахвоцце групу выказацца і падтрымаць).

Або: «Мне ніштавата ад думкі, што дзеля мяне прыйшлося пераматаць кідок. Спадзяюся, ніхто не лічыць гэта за чытэрства?»

Крок трэці

Цяпер гульцы выказваюць канструктыўную крытыку. Не забывайма: гаворым толькі ад першай асобы! Варта пільна абіраць словы; але калі нехта вагаецца праз боязнь нешта не так сказаць, заахвоцце яго ці яе выказацца хоць як. Напрыклад:

«Калі мы ўвайшлі ў цёмны лес, мне стала страшна. Але, папрасіўшы ў вас падтрымкі, я не адчула, быццам да гэтага паставіліся сур'ёзна».

Або: «Я адчуваю, што адзін з маіх сяброў па сталу намагаўся выкарыстаць супраць мяне хібу механікі. Таму хацелася б або абмеркаваць гэта, або пераматаць сцэну».

Крок чацвёрты

Па-ранейшаму праз я-выказванні гульцы спрабуюць зразумець адно аднога, беручы паўзы пры патрэбе. Напрыканцы варта ўзяць на сябе адказнасць за шкоду, якую (умысна ці не) гульцы зрабілі адно адному, і прапанаваць разумныя змены ці кампенсацыю. Напрыклад:

«Мне варта было сур'ёзней паставіцца да твайго страху перад цёмным лесам. Наступным разам праверу праз два пестука, як ты пачуваешся».

Або: «Мне шчыра шкада, што табе гэта падалося маніпуляцыяй. Я думала, так гэта механіка і працуе. Натуральна, я гатовая пераматаць сцэну, калі гэта не пазбавіць майго персанажа новага ўзроўню».

Ідэі для падсумавання

  • Як бы вы палепшылі сённяшнюю гульню?
  • Што вы цяпер адчуваеце? Як гэта звязана з сэсіяй?
  • Як іншыя гульцы могуць дапамагчы вам свабодней звяртацца да сцэнарнай змены?
  • Чаму вы навучыліся на гэтай гульне?
  • Назавіце адну рэч, што вам спадабалася, і адну ідэю, як можна палепшыць астатняе?

Сцэнарная змена: нанова

Дапаможнік па бяскрыўднай, бясспрэчнай і бяспечнай гульні


Нататкі

Інструкцыя: Калі гаворка ідзе пра бяспеку, не існуе «надуманага» ці «неістотнага». Важна (не) убачыць нешта ў гульне? Пазначайма! Натакі заўсёды можна дапоўніць, або нешта прыбраць з іх.

Інструменты можна пазначыць іконкай або першай літарай. Каб, пакуль вы запісваеце нешта ў слупок «ваў!», няўмысна не кінуць вокам у «фу!» ці «ай!», проста складзіце аркуш.

І не забывайма звяртацца да гэтых нататак у гульні!

Ваў! Інструмент Ваў! Інструмент
Фу! Інструмент Фу! Інструмент

Зважайце! За гэтай лініяй пачынаюцца слупкі «фу!» і «ай!».

Ай! Інструмент Ай! Інструмент
Картка працягу
Картка паўзы
Картка перамоткі
Картка хуткай перамоткі
Картка імгненнага паўтору
Картка пакадравага рэжыму
Картка імгненнага паўтору
Картка пакадравага рэжыму
Картка працягу
Картка паўзы
Картка перамоткі
Картка хуткай перамоткі

Выражце па лініях. Адзін аркуш — два набора картак.

HTML-вёрстка зроблена Аленам Дэлепіанам. Дызайн карт — Клэйтанам Нотэсцінам. Міжнародная ліцэнзія Creative Commons 4.0 для некамерцыйнага выкарыстання. Дапаможнік заснаваны на кнізе Сцэнарная змена (http://briebeau.com/scriptchange), створанай і распрацаванай Бо Ярг Шэлдан пад міжнароднай ліцэнзіяй Creative Commons 4.0 для некамерцыйнага выкарыстання (http://creativecommons.org/licenses/by/4.0/). Шрыфты Sylexiad, прыдатныя для людзей з дыслексіяй, распрацаваныя доктарам Робертам Хіліэрам
. Матэрыялы даступныя для капіравання, карэктавання, дапаўнення і распаўсюду любымі спосабамі ў любым выглядзе, у арыгінале ці з дабаўленнямі. Абавязкова згадваць імёны стваральнікаў, пакідаць спасылку на ліцэнзію і калі ў працу былі ўнесеныя змены, то акрэсліваць гэта. Зрабіць гэта трэба любым разумным спосабам, але ні ў якім разе не згадваючы, што творцы пагаджаюцца з вашымі дзеяннямі. Не для камерцыйнага выкарыстання. Напішыце на пошту contact@briebeau.com, каб папрасіць дазволу выкарыстоўваць «Сцэнарная змена: нанова» ў сваёй гульні. Падрабязней пра дапаможнік, праэкт і магчымасці па падтрымцы на афіціянальным сайце дапаможніка.